Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы”
Філалагічны факультэт
Кафедра рускай мовы
Дзіцячыя перыядычныя выданні: характар камунікацыйных зносін з аўдыторыяй
Аўтар – Маскаленка Юлія Ігараўна,
студэнтка 2 курса
спецыяльнасці “Журналістыка”
Навуковы кіраўнік –
Герасімчык Ірына Аляксандраўна,
Гродна 2008
Змест
Уводзіны
Раздзел І. Функцыянальныя адметнасці выданняў. Узроставыя асаблівасці аўдыторыі
Раздзел ІІ. Часопісы для дашкольнікаў: тэматычная накіраванасць і асаблівасці ўзаемаадносін з аўдыторыяй
Раздзел ІІІ. Часопісы для школьнікаў: тэматычная накіраванасць і асаблівасці ўзаемаадносін з аўдыторыяй
Заключэнне
Спіс крыніц фактычных матэрыялаў
Спіс навуковай літаратуры
Уводзіны
Каб мы зналі-ведалі,
Як даўней жылі,
Над якімі бедамі ўзрасці змаглі.
А яшчэ каб помнілі,
Што нам бараніць,
Без якое спадчыны
Нельга нам пражыць.
Віктар Кажура
Удасканальванне сістэмы адукацыі, падтрымка актыўнай грамадзянскай пазіцыі моладзі і патрыятызму, фарміраванне паважлівых адносінаў да асобы і правоў чалавека – прыярытэты сённяшняй Беларусі. Правядзенне ў жыццё ідэалаў дзяржавы накладвае адмысловую адказнасць на СМІ. Асновы агульнай культуры і грамадзянская пазіцыя асобы закладваюцца ужо ў дзяцінстве. Настаўнікі і бацькі найперш у дзіцячых выданнях хацелі б бачыць сваіх надзейных памочнікаў у выхаванні новага пакалення – будучыні краіны.
Сёння, калі актыўна развіваюцца тэлебачанне і Інтэрнэт, дзеці не праяўляюць цікавасці да чытання, аддаюць перавагу “лёгкай” літаратуры. Не ўсе дзіцячыя кнігі і энцыклапедыі ўтрымліваюць якасную інфармацыю, якая дае сістэмнае ўяўленне аб прадмеце, а добра напісаныя, маляўніча ілюстраваныя выданні з-за высокага кошту даступныя не кожнаму чытачу. У такіх абставінах неабходнасць стварэння якаснага дзіцячага перыядычнага выдання, якое змяшчала б каштоўную і неабходную інфармацыю, выхоўвала і развівала маленькага чалавека, жыхара Беларусі, відавочная.
Большасць часопісаў, прадстаўленных на рынку Беларусі, маюць забаўляльны характар, некаторыя не адпавядаюць санітарным і эстэтычным патрабаванням да дзіцячай прадукцыі (“Принцесса”, “Играем с Barbie”, “Приключения Скуби-Ду”, “Ну, погоди!”, “Том и Джерри”, “Микки Маус” і інш.). Натуральна, што яны не могуць задаволіць інтарэс чытача да гісторыі, традыцый і сучасных праблем беларускай дзяржавы.
Задача стваральнікаў дзіцячых перыёдыкаў – вывучаць і ўлічваць патрабаванні сваёй аўдыторыі, вызначаючы інфармацыйныя прыярытэты часопісаў, і садзейнічаць такім чынам сацыялізацыі і дыялагізацыі асобы.
Мэта курсавога даследавання – выявіць, якім чынам наладжваюцца камунікацыйныя сувязі паміж стваральнікамі дзіцячых часопісаў і аўдыторыяй.
Задачы даследвання:
Выявіць узроставыя псіхалагічна-сацыяльныя асаблівасці дзіцячай аўдыторыі.
Паказаць спецыфіку дзіцячых выданняў у залежнасці ад узроставых асаблівасцей аўдыторыі.
Акрэсліць функцыянальныя і тэматычныя прыярытэты перыядычных выданняў для дзяцей.
Паказаць, як адбываецца працэс сацыялізацыі і дыялагізацыі дзіцяці праз уплыў перыядычнага выдання.
Матэрыял даследавання – дзіцячыя часопісы, якія выдаюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь:
“Вясёлка”. Заснавальнік: установа “Рэдакцыя часопіса «Вясёлка»” – Міністэрства інфармацыі РБ.
“Детская площадка”. Заснавальнікі: УП «Рифтур», Наталля Плыткевіч, Алена Філіпчык. Выдавец: УП «Рифтур».
“Рюкзачок”. Заснавальнік і выдавец: РУП “Издательство «Пачатковая школа»”.
“Качели”. Заснавальнік: Камітэт па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Раздзел І. Функцыянальныя адметнасці выданняў. Узроставыя асаблівасці аўдыторыі
Беларускія дзіцячыя часопісы “Вясёлка”, “Детская площадка”, “Рюкзачок”, “Качели” адметныя, што праяўляецца праз іх функцыянальную матываванасць, прадуманасць работы аўтарскіх калектываў, культурна-нацыянальную спецыфіку. У дзіцячых выданнях працуюць шмат творчых людзей: журналісты, беларускія пісьменнікі і паэты сучаснасці і мінулага, настаўнікі, дзіцячыя выхавальнікі, псіхолагі, эканамісты і культуролагі, мастакі і кампазітары. Яны выконваюць такую цяжкую і такую неабходную працу – растлумачваюць маленькаму чалавеку, дзе ён жыве, што вакол яго, адкрываюць вочы на прыгажосць прыроды, дапамагаюць пазнаць дабро і зло, імкнуцца задаволіць дзіцячую дапытлівасць.
Перыядычныя выданні для дзяцей найперш выхоўваюць здольнасць да эстэтычнага ўспрымання свету, эстэтычны ідэал маленькага чалавека, здольнасць да творчасці па законах прыгажосці, а таксама дэманструюць узоры маральнасці, гераізму, дабра, чуласці, павагі – такім чынам рэалізуюць функцыю этычнага і эстэтычнага выхавання.
Не менш значнай функцыянальнай адметнасцю дзіцячай перыёдыкі з’яўляецца яе адукацыйная і культурна-асветніцкая накіраванасць. Дзіцячы перыёдык выконвае ролю распаўсюджвальніка актуальных ведаў аб свеце, прадметах, з’явах, новых адкрыццях, а таксама ведаў аб высокіх культурных каштоўнасцях, узорах сусветнага мастацтва з мэтай узбагаціць унутраны свет дзіцяці. Так адбываецца пастаяннае ўздзеянне на аўдыторыю з мэтай фарміравання пэўнага ладу жыцця, развіцця свядомасці чалавека шляхам усебаковай і зацікаўленай арыентацыі ў рэчаіснасці.
Сутнасць рэкрэатыўнай функцыі дзіцячага перыёдыка заключаецца ў тым, што выданне садзейнічае зняццю стомленасці і напружання, аднаўленню і ўзмацненню душэўнага спакою і раўнавагі шляхам стварэння ўмоў для адпачынку, цікавага правядзення і прыемнага запаўнення вольнага часу.
Праз мэтанакіраваную працу рэдакцыі арганізуецца працэс сацыялізацыі і дыялагізацыі асобы. Праз інфармацыю часопіса маленькі чалавек суадносіць сябе з сацыяльнай групай, уключаецца ў грамадскае жыццё, вучыцца ўстанаўліваць кантакты з людзьмі, далучаецца да каштоўнасцей, прынятых у грамадстве на пэўным этапе яго развіцця, а таксама ўваходзіць у сферу камунікацыйных стасункаў: вучыцца атрымліваць і расшыфроўваць інфармацыю, выказваць сваё стаўленне да рэчаіснасці, абменьвацца думкамі з іншымі людзьмі.
Інфармацыйныя зацікаўленні дзіцячых выданняў суадносяцца з узроставымі асаблівасцямі псіхалагічна-сацыяльнага развіцця дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
Узрост ад чатырох да шасці гадоў – гэта ўзрост дашкольны, які называюць яшчэ “узростам гульні”, паколькі менавіта гульня з’яўляецца асновай пазнавальнай дзейнасці маленькага чалавека. Гэта перыяд фарміравання асобы, матывы і жаданні дзіцяці пачынаюць складвацца ў іерархічную сістэму. Ад стантанных дзеянняў і пераймання гатовых узораў дзеці пераходзяць да стварэння і ўвасаблення ўласных задумаў. Больш багатымі і змястоўнымі становяцца зносіны дзяцей паміж сабой. У гэты перыяд фарміруюцца маральныя каштоўнасці, дзеці ацэньваюць людскія учынкі і якасці характару.
Школьнае жыццё ўводзіць дзіця ў рэгламентаваны свет адносін, патрабуючы ад яго арганізаванасці, адказнасці, дысцыплінаванасці, добрай паспяховасці. Пад кіраўніцтвам настаўніка дзеці пачынаюць засвойваць новыя формы дзейнасці (пісьмо, чытанне, лічэнне), удасканальваць пазнаваўчыя працэсы успрымання, памяці, увагі, вучацца дзейнічаць у адпаведнасці з традыцыямі і сацыяльнымі чаканнямі людзей, плануюць уласныя і чужыя паводзіны і кантралююць іх. У гэтым узросце дзіця ўпершыню выразна пачынае ўсведамляць сутнасць адносінаў паміж людзьмі, разбірацца ў грамадскіх матывах паводзін, маральных ацэнках, значнасці канфліктных сітуацый. У гэты час выхоўваецца любоў да працы: дзіця ідэнтыфікуе сябе з тым, чаму навучыўся. І самае важнае, пад уздзеяннем свету дарослых развіваецца міжасобасная кампетэнтнасць, упэўненасць у сабе, фарміруецца здольнасць эфектыўна функцыянаваць у свеце, аказваць станоўчы ўплыў на іншых, удзельнічаць у грамадскім жыцці.
Такім чынам, асоба фарміруецца праз усё жыццё, на кожным новым этапе дзіця па-новаму ўсведамляе сваё “Я”, захоўвае здольнасць змяняцца, сутыкаючыся з новымі жыццёвымі сітуацыямі, праблемамі і канфліктамі.
Раздзел ІІ. Часопісы для дашкольнікаў: тэматычная накіраванасць і асаблівасці ўзаемаадносін з аўдыторыяй
Дзяцінства – важны час у жыцці чалавека. Дзіця адкрывае для сябе свет па-за межамі сям’і, сферу чалавечых адносінаў, асаблівасці розных відаў дзейнасці і грамадскіх правоў і абавязкаў людзей. Маленькі чалавек хоча ўключыцца ў дарослае жыццё, актыўна ўдзельнічаць у ім, імкнецца да самастойнасці.
Дашкольны ўзрост – перыяд першапачатковага станаўлення асобы. У гэты час эмацыянальна прадвызначаюцца вынікі паводзін і самаацэнкі, ускладняюцца і ўсведамляюцца перажыванні, з’яўляюцца першыя сутнастныя сувязі са светам, усведамляецца цяжкасць атрымання жыццёвага вопыту.
Дашкольнае дзяцінства – перыяд творчасці. У дзяцей выяўляюцца асаблівыя таленты. Мэтанакіраванае развіццё агульных здольнасцей: памяці, мыслення, маўлення, увагі, фантазіі, сенсорыкі, пазнавальнай актыўнасці – галоўнае ў працы бацькоў і выхавальнікаў.–PAGE_BREAK–
Для самых маленькіх беларусаў з 1957 г. выдаецца часопіс “Вясёлка”. Галоўны рэдактар адзінага беларускамоўнага часопіса для дзяцей – У. Ліпскі. Ён адзначае, што “на небе пасля першага дожджыку з громам – прадвесніца добрай вясны. Дык жа і “Вясёлка” для нашых дзетак-пралесак павінна “гарэць” усімі колерамі мудрай педагогікі. “Вясёлка” – першая сцяжынка да пазнання сваёй Айчыны, да разумення прыгажосці роднай мовы, багацця гісторыі і культуры” [4, с. 39].
Герой выдання – Вася Вясёлкін – вядзе дзяцей па старонках часопіса. Ён запрашае да ўдзелу ў конкурсах, прапануе дасылаць у рэдакцыю лісты з казкамі, вершамі, апавяданнямі і малюнкамі, у рубрыцы “Крышку пра кніжку” расказвае аб навінках у выдавецкай справе, выступае з публікацыямі пра дзіцячыя бібліятэкі, заахвочвае дашкольнікаў выпісваць часопіс, запрашае ў свой тэатр і дапамагае малым вучыць словы роднай мовы у рубрыцы “Школка «Вясёлкі»”. Часопіс дапамагае ў вучобе і працы, далучае да скарбаў мілагучнай роднай мовы, адкрывае дзівосны свет прыроды.
Сутнасць навакольнага асяроддзя раскрываецца праз тлумачэнне простых і ў той жа час глыбінных ісцін: Радзіма – гэта месца, дзе “я нарадзілася” [33, с. 2], дзе “я зрабіў свой першы крок” [37, с. 2], дзе “мова родная мая, як ручаёк спявае” [37, с. 2], дзе маці пяе над калыскай, дзе пануюць сяброўскія адносіны паміж людзьмі. Беларусь таксама – гэта “краіна згоды” [38, с. 2], цуд і казка, лагодны дом, які мае свае каштоўнасці – Крыж святой Еўфрасінні.
На старонках часопіса дзіця выступае арганічнай часткай прыроды, маленькі чалавек – яе сябар. Жывёлы і птушкі, дрэвы і кусты, зоркі, сонца і месяц надзелены чароўнай сілай размаўляць, рабіць учынкі, смяяцца і крыўдаваць. Гэта дазваляе дзіцяці ўспрымаць навакольны свет як саму казку, як нешта таямнічае. Мастакі слова прывучаюць дзяцей бачыць незвычайнае, жыць у ладзе з прыродай, берагчы наваколле. Праз выхаванне любові да прыроды, праз паказ яе як каштоўнасці часопіс дапамагае закладвае прыгажосць душы, унутранага свету дзіця. Напрыклад, праз апісанні свету вакол дзіця ўяўляе адметнасці:
1. Лесу і поля:
– “глуха шэпча лес зялёны”, “лес гудзе-ракоча цёмнай шапкай верхавін” [15, с. 6];
– “лес ад сонца рыжы” [43, с. 2];
– “чуваць, як поле ўсё спявае” [25, с. 2].
2. Зімовай і летняй пары:
– “цёплы зімні ўбор” [4, с. 7];
– “брыльянцістым снежным блескам”, “цёплы пух”, “белая воўна” [9, с. 2];
– “зіма сёлета на сюрпрызы ахвотніца вялікая” [3, с. 4];
– “Летні дзень.
Ад сонца спёка,
Бо стаіць яно высока” [35, с. 8].
3. Раніцы і вечару:
– “Як агонь гарыць фіранка!
То світальная заранка.
Залатое стала шкло!
Зноўку сонейка ўзышло” [11, с. 3];
– “вечар падкраўся зусім нечакана” [16, с. 2];
– “Вечар чыстаю расой
Амывае ліпы,
Атуляе цішынёй
Родныя сядзібы” [19, с. 8].
4. Неба і зямлі:
– “навіслі хмары над зямлёй” [10, с. 3];
– “усміхнецца неба просінь у ясным сонцы веснавым” [18, с. 7];
– “зорачка ляжа з табой на падушцы” [16, с. 2];
– “месяц асвяціў паўнеба”, “хмарка месячык украла” [29, с. 14];
– “Сонейка над вёскай
Узышло даўно,
Зайчыкам вясёлым
Залаціць акно” [22, с. 8];
– “спрадвеку ахінаюць яны [сівыя туманы] зямлю сваімі калыханкамі” [24, с. 10];
– “рачулка ў берагах плыве, аб нечым шэпча патаемна” [25, с. 2].
5. Дрэў і кветак:
– “уздоўж дарогі спяць бярозы” [10, с. 3];
– “Каля нашай школы
Падрасла рабінка,
Нас яна вітае
Кожнаю галінкай” [17, с. 2];
– “бягуць насустрач белыя бярозкі і серабрыстыя таполі” [23, с. 9];
– “жоўта-залацістыя россыпы дзьмухаўцоў” [23, с. 9];
– “заліты сонейкам папаратнік” [27, с. 7].
6. Птушак і жывёл:
– “старая варона танцавала ўпрысядкі так шчыра, што ледзь не звалілася ўніз” [4, с. 7];
– “Дзве шустрых вароны
Пільнуюць рабіну –
І ягад прамёрзлых
Другім не пакінуць” [13, с. 4];
– “Апрануўся [бусел] у чорны фрак,
Як гусар абуўся” [20, с. 11];
– “Сарока і варона на галінках бярозы раскалыхваюцца. Адна стракоча, другая каркае” [30, с. 15];
– “І накінуўся Мішка,
Самы лепшы ядок,
З самай большаю лыжкай
На духмяны мядок” [2, с. 2];
– “У Белавежскім царстве жыў магутны ўладар лесу Зубр. Быў ён дбайны і справядлівы, любіў жыхароў пушчы” [21, с. 3];
– “Пераскочыла праз плот
Каза Мілка ў агарод” [28, с. 14].
Сям’я– гэта бліжэйшае акружэнне дзіцяці. Для дашкольніка самы дарагі чалавек – мама. Для яе знаходзіцца шмат цёплых і шчырых слоў. Напрыклад:
– “Матуля ўсіх нас моцна любіць.
Яна абдыме, прыгалубіць,
Яна вядзе нас па жыцці.
Так лёгка побач з ёй ісці!” [26, с. 3];
– “Мама прыгалубіць,
Мама ляльку купіць,
Звяжа ў завіруху
Рукавічкі з пуху.
Мама сядзе бліжай,
Казкай закалыша” [32, с. 9].
Зрэдку згадваецца пра брата і сястру, з якімі не сварацца, калі спяць, пра бабулю, добрую майстрыху, пра дзядулю, мудрага і ўважлівага да ўнукаў. На старонках часопіса складаецца вобраз шчаслівай і дружнай сям’і, дзе кожны – апора і падтрымка другому. У такой сям’і пануюць любоў, паразуменне, узаемадапамога, клопат, давер, увага і павага. Аднак, на жаль, ні ў адным з тэкстаў не гаворыцца пра бацьку.
Часопіс фарміруе адметнае стаўленне і да беларускай мовы: яна адзіная, родная, спеўная, ніводны народ больш не карыстаецца ёю, мова – паказчык адзінства народа, які трэба захоўваць як найвялікшы скарб. Дзеці ўжо з маленькага ўзросту пачынаюць разумець прыгажосць, багацце і мелодыку беларускай мовы.
Пачуццёвае, вобразнае ўспрыманне свету дзіцяці фарміруецца праз вытлумачэнне такіх эстэтычных катэгорый, як прыгажосць, дабрыня. Так, прыгожыміў вачах дзіцяці паўстаюць музыка, якая зачароўвае душу, чалавек з добрым і чуйным сэрцам і інш.
Дабрыня– гэта значыць быць “чалавекам дружбы, міру” [1, с. 2], які заўсёды дапамагае дома, клапаціцца аб родных, імкнецца да дзейнасці на карысць Радзіме. продолжение
–PAGE_BREAK–
Любоў– найвышэйшая каштоўнасць, на ёй грунтуецца і прыгажосць, і дабрыня. Дзіця вучыцца любіць “аддана, шчодра, шчыра зямлю, дзе прадзеды жылі” [1, с. 2].
У першую чаргу часопіс імкнецца выхаваць чалавека, які любіць сваю Радзіму, ведае родную мову, спадчыну, гісторыю, культуру, шануе і паважае людзей, які дапамагаюць яму ў станаўленні. Адметнасць часопіса ў тым, што ён дае магчымасць дзецям праз лісты, вершы і малюнкі выказаць сваё бачанне ісцін, якое можа адрознівацца ад погляду дарослых.
Часопіс з’яўляецца выхавальнікам для маленькіх беларусаў, які дапамагае рабіць ім першыя крокі ў гэтым складаным жыцці.
Адукацыйна-гульнёвы часопіс для дзяцей і бацькоў “Детская площадка”выдаецца з 2005 года. Галоўны рэдактар выдання – С. Плыткевіч.
“Детская площадка” – гэта месца, дзе збіраюцца дзеці, каб гуляць, знаёміцца, сябраваць, дзяліцца сакрэтамі і быць заўсёды разам. Галоўны накірунак часопіса – зацікавіць дашкольніка, стымуляваць яго творчасць: падштурхнуць дзіця на выдумку і вынаходлівасць (рубрыкі “Разноцветные уроки”, “Рисуем вместе”, “Мир увлечений”, “Задачки для ума”, “Сделай сам”, “Домашняя мастерская” і інш.), развіць прыродную дапытлівасць (рубрыкі “Весёлая азбука”, “Умная страничка”, “Мая Беларусь” і інш.).
На старонках выдання можна сустрэць шмат развіваючых гульняў, конкурсаў, заданняў і практыкаванняў (віктарыны, конкурсы, тэсты, загадкі, матэматычныя задачы), а таксама безліч маляванак, казак, апавяданняў, коміксаў.
Часопіс змяшчае рубрыкі, інфармацыя якіх разлічана на дарослых. Так, напрыклад, рубрыка “В мамин блокнот” рэкамендуе бацькам матэрыял для дзіцячай выяўленчай дзейнасці (акварэльныя фарбы, папера, пластылін і інш.). У рубрыцы “Книжный путеводитель для родителей” змяшчаецца інфармацыя аб кніжнай прадукцыі, якая можа спатрэбіцца для заняткаў па чытанні, развіцці зрокавага і слыхавога ўспрымання, адвольнай увагі, творчага і лагічнага мыслення, памяці, фантазіі, моўных здольнасцей і інш. З дапамогай матэрыялаў з рубрык “Логические игры”, “Шахматная азбука”, “Игры со словами” дашкольнік можа лёгка і быстра засвоіць літары і лічбы. А рубрыка “Говорим красиво” дазволіць пазбегнуць памылак у маўленні.
Часопіс хоча выхаваць са сваіх чытачоў таленавітых дзяцей, якія любяць маляваць, чытаць і фантазіраваць. Такі падыход забяспечвае спрыяльнае развіццё творчага пачатку ў дзяцей.
“Детская площадка” – гэта вельмі цікавы і пазнавальны часопіс, з якім можна весела і карысна правесці час. Матэрыялы рубрыкі “Мая Беларусь” у адукацыйным плане нялішне будзе прачытаць не толькі дзецям, але і дарослым. Яны змяшчаюць інфармацыю пра беларускія гарады і мястэчкі, прыроду, народныя святы, традыцыі, што шырыць кругагляд чытачоў.
Такім чынам, часопісы для дзяцей дашкольнага ўзросту прадстаўляюць інфармацыю, накіраваную на першае сутнаснае азнакамленне дзіцяці са светам, ад якога залежыць, якім чынам дашкольнік будзе ўспрымаць навакольны свет, грамадства і сябе ў ім. Выданні адрозніваюцца прынцыпамі выхавання. “Вясёлка” імкнецца патлумачыць вечныя ісціны, звярнуць увагу дзіцяці на неабходнасць іх разумення. Даросламу належыць накіроўваючая роля. ”Детская площадка” – сапраўдная пляцоўка для дзіцячай выдумкі і вынаходлівасці, прыроднай дапытлівасці і фантазіі. Тут галоўная роля належыць дзіцяці.
Раздзел ІІІ. Часопісы для школьнікаў: тэматычная накіраванасць і асаблівасці ўзаемаадносін з аўдыторыяй
Малодшы школьны ўзрост называюць вершыняй дзяцінства. Маленькі чалавек захоўвае шмат дзіцячых якасцей – легкадумнасць, наіўнасць, погляд на дарослага знізу ўверх. У той самы час дзіця пачынае страчваць дзіцячую непасрэднасць у паводзінах, у яго з’яўляецца іншая логіка разважанняў, развіваецца тэарэтычнае мысленне. У школе дзеці праз навучанне набываюць новыя веды і ўменні, гэта значыць, ствараюць неабходную базу для сваёй будучыні, набываюць пэўны сацыяльны статус. Змяняюцца інтарэсы, каштоўнасці школьніка, увесь уклад яго жыцця. Паспяховая вучоба, усведамленне сваіх здольнасцей і ўменняў якасна выконваць розныя заданні прыводзяць да станаўлення пачуцця кампетэнтнасці – новага аспекту самасвядомасці, які можна лічыць адным з цэнтральных новаўтварэнняў малодшага школьнага ўзросту.
У сістэме выхавання малодшых школьнікаў асобае месца займаюць часопісы “Рюкзачок” і “Качели”.
“Рюкзачок”– дзіцячы пазнавальна-гульнёвы часопіс на беларускай і рускай мовах. Выдаецца з красавіка 2005 года. Галоўны рэдактар – Н. Ваніна.
Выданне прызначана для выхавання гарманічнай і творчай асобы, адукаванай і зацікаўленай у атрыманні ведаў. Часопіс хоча быць для свайго чытача добрым спадарожнікам на жыццёвым шляху да шчаслівай будучыні.
Назва часопіса матываваная. “Рюкзачок” – гэта месца, куды можна схаваць веды, каб не згубіць, ідучы шляхам жыцця.
Веды ствараюць аснову сацыяльна-грамадзянскай кампетэнцыі вучняў. Публікацыі рубрык “Моя Беларусь”, “Старонкі гісторыі”, “Свет прыроды”, “Путешествие”, “Галерея” утрымліваюць інфармацыю па гісторыі краю, расказваючы, напрыклад, пра Полацкае княства, пра крыжакоў, пра час, калі нашы продкі сталі хрысціянамі і пра такія выдатныя асобы мінулага, як Вітаўт Вялікі і Ягайла. Культураспецыфічная інфармацыя раскрывае кніжны свет і свет мастацтва. Падобныя матэрыялы вучаць чытачоў любові да сваёй зямлі, народа, выхоўваюць павагу да гісторыі Бацькаўшчыны, бо гісторыя і культура роднай зямлі – гэта тая аснова, без якой немагчыма фарміраваць патрыятызм, актыўную грамадскую пазіцыю маладога пакалення. У рубрыках “У нас у гасцях”, “Путешествие”, “История вооружений”, “Галерея”, “Паэтычная старонка”, “Мастерская в рюкзачке” часопіс знаёміць малодшых школьнікаў з культурай замежжа, бо нацыянальная свядомасць немагчыма без павагі да іншых прадстаўнікоў сусветнай супольнасці, напрыклад немцаў ці японцаў.
Час тэхнічных вынаходніцтваў патрабуе ад новага пакалення ведаў і ў галіне тэхнікі. Рубрыкі “Современные технологии” і “Виртуальная реальность” раскажуць пра робатаў або як карыстацца электроннымі бібліятэкамі.
Акрамя ведаў, дзеці набываюць і новыя ўменні. Рэкамендацыі з рубрык “Мастерская в рюкзачке”, “Эксперимент”, “Изостудия” і ўласная фантазія дазволяць зрабіць сваімі рукамі шмат карысных рэчаў (папера, паштоўка, арыгамі і інш.) і засвоіць творчыя метады (калаж, вышыўка крыжыкам, ніткаграфія, штрыхавы малюнак і інш.).
Рэдакцыя друкуе вялікую колькасць матэрыялаў, накіраваных на развіццё грамадзянскіх якасцей асобы малодшага школьніка, падзяляючы клопат дзяржавы ў пытаннях грамадзянскага выхавання. Пытанні грамадзянскіх правоў і абавязкаў чалавека, маральных каштоўнасцей, законаў і нормаў жыцця ўздымаюцца ў рубрыках “Моя Беларусь”, “Я – грамадзянін”, “Права ребенка”. Маленькаму чалавеку тлумачыцца, што ён мае права на выхаванне і адукацыю, на прававую і сацыяльную абароненасць, на ахову здароўя, на атрыманне грамадскага прызнання і ацэнкі сваёй дзейнасці і г. д. У той жа час вучань абавязаны старанна вучыцца, не прыніжаць годнасці людзей, паважаць іх погляды і перакананні, быць дысцыплінаваным, паважаць старэйшых, беражліва і з павагай адносіцца да нацыянальнай гісторыі і культуры свайго і іншых народаў, берагчы багацце і хараство роднай прыроды і навакольнага свету і г. д.
Часопіс імкнецца ствараць умовы для праяўлення дзецьмі грамадзянскай актыўнасці, якая рэалізуецца шляхам іх удзелу ў рэальных сацыяльна значных справах, у дзіцячых аб’яднаннях, разнастайных акцыях (рубрыкі “Событие”, “У нас у гасцях”, “Звёздная дорожка” і інш.).
У сваіх матэрыялах выданне звяртаецца не толькі да мінулага краіны, але і да сённяшняга дня. Так рубрыка “Тема для обсуждения” арыентуе на грамадзянскае выхаванне, спрыяе фарміраванню ў школьнікаў грамадзянскай пазіцыі.
У часопісе сустракаецца шмат матэрыялаў чытачоў. Такім чынам рэдакцыя наладжвае кантакт з аўдыторыяй, і сувязь ”рэдакцыя–чытач” не перарываецца. Можна сказаць, што выданне з’яўляецца своеасаблівай трыбунай для выказвання дзіцячых думак, пажаданняў, памкненняў. Гэтай мэце служыць рубрыка “Рюкз-клуб: ваши письма”. Тут дзеці маюць магчымасць запоўніць анкету “Книга – мой друг”, пытаюцца ў дарослых аб цікавых з’явах, друкуюць вершы і казкі, віншуюць родных са святамі, выпраўляюць памылкі ў друкаваным тэксце на старонках часопіса і інш. Такім чынам часопіс дапамагае раскрыць творчы патэнцыял маленькага чытача, стымулюе самастойнасць і творчасць.
У дадатку для бацькоў “Рюкзачок для пап и мам” друкуюцца матэрыялы аб правах і абавязках бацькоў, даюцца парады па выхаванні ў дзіцяці ўсведамлення сваёй прыналежнасці да лёсу Айчыны, гатоўнасці ўзяць адказнасць за ўласныя ўчынкі як у сям’і, так і ў школе. Часопіс арыентуе бацькоў на тое, што яны – самыя блізкія людзі для дзіцяці. Ад таго, якія адносіны пануюць у сям’і, будзе залежыць, якім чынам школьнік успрымае навакольны свет, грамадства і сябе ў ім.
“Качели” – рэспубліканскі штомесячны часопіс для дзяцей і падлеткаў пазнавальна-забаўляльнага характару. Выдаецца на рускай мове з 1998 года. Галоўны рэдактар: К. Дубінская.
Асноўная мэта выдання – заняць школьніка, дапамагчы правесці вольны час з карысцю, развіць здольнасць дзіцяці мысліць і разважаць.
У часопіса ёсць імкненне даць як мага болей пазнавальнай інфармацыі. Гэту задачу выконвае клуб “Знайка” і рубрыкі “Хотите – верьте”, “И знатокам интересно”, “Интересно”, “Ау, детство!”, “Дорожный чемоданчик” і інш. Дзякуючы ім дзеці набываюць усё новыя і новыя веды па геаграфіі, этнаграфіі, лексікалогіі, батаніцы, эстэтыцы, медыцыне, аб модзе, вялікіх вынаходніцтвах і людзях.
Для дзяцей дапытлівых, кемлівых, якія заўсёды знаходзяцца ў пошуку ведаў і гармоніі з навакольным асяроддзем, рэдакцыя пастаянна праводзіць конкурсы і віктарыны, змяшчае на старонках часопіса дзіцячыя казкі, вершы, малюнкі, каб паказаць, наколькі таленавітым і здольным расце новае пакаленне (рубрыкі “Мир увлечений”, “Ау, таланты!”, “Проба пера”, “Сочиняем сказки сами”).
Побач з пазнавальна-інфармацыйным накірункам стаіць ідэйна-выхаваўчая тэматыка. Ёй асобна прысвечаны рубрыкі “Детские организации”, “Рассказы об Отечестве”, “Я люблю Беларусь”, мэта якіх – выхаваць у дзяцей патрыятызм, гатоўнасць да самаахвяравання, стойкасць, мужнасць, гераізм, пачуццё доўгу і гуманізм, прыцягнуць да ўдзелу ў будаўніцтве моцнай і квітнеючай дзяржавы, навучыць памятаць мінулае, цаніць сучаснае, будаваць будучыню. Публікацыі рубрык маюць на мэце выклікаць у дзяцей пачуццё захаплення подзвігамі мужных людзей, павагі да іх цяжкіх лёсаў. Пры чытанні такіх артыкулаў школьнікі на канкрэтных прыкладах могуць вызначыць для сябе значэнне наступных слоў:
– “справядлівасць” – гэта непрадузятая дзейнасць у адпаведнасці з ісцінай;
– “гераізм” – гэта адвага, рашучасць і самаахвяраванне ў цяжкіх абставінах;
– “патрыятызм” – гэта адданасць і любоў да сваёй Радзімы, да свайго народа і гатоўнасць да любых ахвар дзеля інтарэсаў Айчыны;
– “мужнасць” – гэта храбрасць, вытрымка, адвага;
– “гонар” – гэта агульная павага;
– “доўг” – гэта абавязак перад кім-небудзь.
Такім чынам, “Рюкзачок” знаёміць як з гісторыяй і культурай Беларусі, так і з гісторыяй і культурай замежных краін, што дазваляе чытачам зразумець ролю Айчыны ў сусветным супольніцтве. У той жа час “Качели” надаюць большую ўвагу вобразу Беларусі, аднак на старонках гэтага часопіса расшыфроўваюцца такія важныя і ў той жа час такія цяжкія для разумення паняцці, як “справядлівасць”, “мужнасць”, “гераізм”, “гонар”, “доўг” і інш. продолжение
–PAGE_BREAK–
Заключэнне
Часопісы “Вясёлка” і “Детская площадка” арыентуюць дзяцей на аптымістычны паказ свету: увага дзіцяці засяроджваецца на прыгажосці прыроды, на панаванні ў свеце дабра і сяброўскіх адносінаў паміж людзьмі. Напрыклад, аб Беларусі гаворыцца, што гэта “зямля сяброў, краіна згоды”, а душы і сэрцы дзяцей павінны поўніцца “любоўю да ўсяго жывога, да Дабра і Праўды”. Выданні “Рюкзачок” і “Качели” падводзяць да таго, што ў свеце ёсць яшчэ і цяжкасці. Так, рубрыка “Экономия и бережливость” заклікае берагчы прыродныя рэсурсы, каб пазбегнуць экалагічнай катастрофы, а рубрыка “Старонкі гісторыі” расказвае пра жудасці вайны.
Радзіма для дашкольніка атаясамліваецца з прыродай: гэта, перш за ўсё, – вясёлы ручаёк, кветкі, птушкі і жывёлы, сонца, маладзік, хмаркі і г. д. Напрыклад: “А тут [у Беларусі] лясоў багата, кветкамі травы перавітыя, сінь нябесная ў рэчкі і азёры пералітая…”. Часопісы тлумачаць дашкольніку, што ён павінен любіць Радзіму, каб зразумець і палюбіць свет. Для школьніка паняцце Радзімы шырыцца, гэта ўжо – дачны пасёлак, вёска, горад, еўрапейская краіна. Дзеці пачынаюць адчуваць, што яны – грамадзяне Беларусі. Сутнасць паняцця Радзімы можна зразумець з дапамогай матэрыялаў рубрык “Я люблю Беларусь”, “Рассказы об Отечестве”, “И ходит по земле легенда”; “Я – грамадзянін”, “Моя Беларусь”.
Часопісы для дашкольнікаў надаюць вялікую ўвагу ўзаемаадносінам маленькага чалавека і прыроды. Свет дзіцяці выступае арганічнай часткай прыроднага свету. Складваецца ўражанне, што прырода і дашкольнік – сябры. Напрыклад: “зорачка ляжа з табой на падушцы”, рабінка каля школы “вітае кожнаю калінкай”, сланечнік “адкрасуе памаленьку, семак вам насыпле жменьку”, рачулка “нібы з сабой заве”. У выданнях для школьнікаў прырода існуе як быццам сама па сябе, без чалавека; часопісы даюць разрозненую энцыклапедычную інфармацыю пра асобныя віды жывёл і птушак.
Сям’я – гэта бліжэйшае акружэнне дзіцяці. Для дашкольніка самы дарагі чалавек – мама. Для яе знаходзіцца шмат цёплых і шчырых слоў: “ты сардэчнае свята маё” і г. д. Зрэдку згадваецца пра брата і сястру, пра бабулю, пра дзядулю. Аднак, на жаль, ні ў адным з тэкстаў не гаворыцца пра бацьку. Для школьніка паняцце сям’і значна шырэйшае. Сюды ўключаюцца ўсе родныя. У рубрыцы “Корабль по имени «Семья»” чытач можа сам падзяліцца традыцыямі, якія пануюць менавіта ў яго сям’і, толькі паміж яго роднымі. Дарэчы, “Качели” – часопіс для тых, хто піша вершы ці марыць пра журналістыку. Як адзначае рэдактар Кацярына Дубінская, дзеці з актыўнай жыццёвай пазіцыяй – аўтары выдання – застаюцца з ім да заканчэння школы.
Часопісы для дашкольніка фарміруюць адметнае стаўленне і да беларускай мовы: яна адзіная, родная, спеўная, ніводны народ больш не карыстаецца ёю, мова – паказчык адзінства народа, які трэба захоўваць як найвялікшы скарб. У часопісах для школьнікаў, дзе большасць матэрыялаў прадстаўлены па-руску, беларуская і руская мовы знаходзяцца побач. Такое стаўленне аргументуецца тым, што дзіця можа само вырашыць, якой мовай карыстацца.
У выданнях для дашкольнікаў вялікая ўвага надаецца чытанню. Дарослыя тлумачаць дзецям, што кнігі патрэбны, каб спасцігаць свет. Рэдакцыі прытрымліваюцца погляду, што ва ўзросце ад чатырох да шасці гадоў кнігі павінны стаць галоўным зацікаўленнем маленькага чалавека. Выданні для школьнікаў паказваюць, што дзіця самастойна выбірае, чым цікавіцца, і падкрэсліваюць, наколькі таленавітым і здольным расце новае пакаленне: “Звездная дорожка”, “Юны мастак”; “Семь нот”, “Мир увлечений”, “Ау, таланты!”, “Проба пера”. Адметнасць часопіса “Качели” – гэта рубрыка “Ау, детство!”, якая апавядае пра дзяцінства ўсім вядомых дарослых, напрыклад, хіміка Мендзялеева і мастака Славука.
Часопісы для дашкольнікаў арыентуюць чытача на неабходнасць спасціжэння ведаў самастойна або разам з дарослымі. Гэта выражаецца ў формах звяртання да аўдыторыі: “выпісвайце”, “напішыце”, “ты чуў”, “цябе сустракаюць” або “попробуем”, “мы выбрали”, “нам понадобятся” і г. д. Для дашкольніка гэтае азнакамленне са светам – першае, ад яго залежыць, якім чынам дашкольнік будзе успрымаць навакольны свет, грамадства і сябе ў ім. Мэта часопісаў для школьнікаў – актыўны ўдзел у навучальна-выхаваўчым працэсе, аказанне дапамогі настаўнікам і бацькам у фарміраванні усебакова і гарманічна развітай асобы. У той жа час гэтыя выданні прывучаюць свайго чытача да самастойнасці і арганізаванасці: “ты побывал”, “тебе понадобятся”, “тебе запомнилось” і г. д. Атрымліваецца, што звароту да чытача “мы” (рэдакцыя і дзіця) няма. Рэдакцыя наладжвае камунікацыйныя адносіны з дзецьмі праз бацькоў.
Такім чынам, часопісы для дашкольнікаў служаць мэце практычнага засваення свету: чытаць, каб пасля прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Таму на іх старонках можна сустрэць шмат развіваючых гульняў, конкурсаў, заданняў і практыкаванняў (віктарыны, конкурсы, тэсты, загадкі, матэматычныя задачы). Часопісы для школьнікаў сцвярджаюць думку, што чытаць патрэбна, каб шмат ведаць, каб быць разумным. Гэтай мэце служаць пазнаваўчыя матэрыялы з рубрык “И знатокам интересно”, “Знайка”; “Истории из рюкзачка”, “Путешествие”, якія знаёмяць з этыкетам і правіламі паводзін у грамадстве, з культурай замежжа, з мастацтвам. У малодшым школьным узросце ускладняюцца перажыванні, з’яўляюцца першыя сутнастныя сувязі са светам, усведамляецца цяжкасць атрымання жыццёвага вопыту. Таму на старонках часопісаў для школьнікаў уздымаюцца новыя і больш значныя праблемы і пытанні: рэлігія (рубрыка “Дорога к Храму”) і здаровы лад жыцця (рубрыка “Быть здоровым – модно!”).
Спіс крыніц фактычных матэрыялаў
Агняцвет, Э. Табе жадаю /Э. Агняцвет //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 2.
Міклашэўскі, Я. Навагодняя ноч у лесе /Я. Міклашэўскі //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 2.
Ткачоў, В. Цёплыя абноўкі /В. Ткачоў //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 4-5.
Махонь, В. Сінічка, Ялінка і іх сябры /В. Махонь //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 7.
Гусеў, Ю. Скрыпач /Ю. Гусеў //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 10.
Зэкаў, А. Чаму птушкі не сівеюць /А. Зэкаў //Вясёлка. – 2008. – № 1. – С. 11.
Колас, Я. Найдаражэйшы падарунак /Я. Колас //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 2.
Маляўка, М. Стары год /М. Маляўка //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 2.
Колас, Я. Дзед-госць /Я. Колас //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 2.
Багдановіч, Л. Зіма /Л. Багдановіч //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 3.
Бічэль, Д. Акно /Д. Бічэль //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 3.
Стадольнік, І. Пра Натку /І. Стадольнік //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 3.
Мятліцкі, М. Рабіна /М. Мятліцкі //Вясёлка. – 2007. – № 12. – С. 4.
Ліпскі, У. Сустрэча на Нёмане (з кнігі пра Янку Купалу) /У. Ліпскі //Вясёлка. – 2007. – № 11. – С. 4-5.
Колас, Я. Лес /Я. Колас //Вясёлка. – 2007. – № 11. – С. 6.
Кажэра, А. Зорачка /А. Кажэра //Вясёлка. – 2007. – № 11. – С. 2.
Кажура, У. Рабінка /У. Кажура //Вясёлка. – 2007. – № 10. – С. 2.
Колас, Я. Не тужы /Я. Колас //Вясёлка. – 2007. – № 10. – С. 7.
Парчук, Н. Вечар /Н. Пранчук //Вясёлка. – 2007. – № 10. – С. 8.
Голуб, Ю. З “Кніжкі пра птушак” /Ю. Голуб //Вясёлка. – 2007. – № 10. – С. 11.
Сазонаў, А. Добры мядзведзь /А. Сазонаў //Вясёлка. – 2007. – № 9. – С. 3.
Кажура, В. Салодкі сон /В. Кажура //Вясёлка. – 2007. – № 9. – С. 8.
Жабко, Я. Каця і яе сябры /Я. Жабко //Вясёлка. – 2007. – № 9. – С. 9.
Масла, А. Як з’явіўся апостраф /А. Масла //Вясёлка. – 2007. – № 9. – С. 10-11.
Радзішэўская, В. Беларусь – ты казка /В. Радзішэўская //Вясёлка. – 2007. – № 8. – С. 2.
Шмея, А. Матуля /А. Шмея //Вясёлка. – 2007. – № 8. – С. 3.
Брыль, Я. Жменька сонечных промняў /Я. Брыль //Вясёлка. – 2007. – № 8. – С. 7.
Жабко, Я. Ой, Бяда! /Я. Жабко //Вясёлка. – 2007. – № 8. – С. 14.
Маскевіч, М. Хмарка-зладзейка /М. Маскевіч //Вясёлка. – 2007. – № 8. – С. 14.
Чарняўскі, М. Да самага неба /М. Чарняўскі //Вясёлка. – 2007. – № 8. – С. 15.
Каранда, В. Бяларучы /В. Каранда //Вясёлка. – 2007. – № 7. – С. 2.
Маляўка, М. Мама, сонейка і я /М. Маляўка //Вясёлка. – 2007. – № 7. – С. 9.
Набебіна, К. Бусліны куток /К. Набебіна //Вясёлка. – 2007. – № 6. – С. 2.
Саковіч, П. Гоншчык /П. Саковіч //Вясёлка. – 2007. – № 6. – С. 7.
Ліпай, Л. Спёка /Л. Ліпай //Вясёлка. – 2007. – № 6. – С. 8.
Парчук, Н. Надвячоркам /Н. Парчук //Вясёлка. – 2007. – № 6. – С. 8.
Сантаровіч, В. Радзіма /В. Сантаровіч //Вясёлка. – 2007. – № 5. – С. 2.
Панізнік, С. Беларускі Дом /С. Панізнік //Вясёлка. – 2007. – № 5. – С. 2.
Ткачова, А. Падарунак /А. Ткачова //Вясёлка. – 2007. – № 5. – С. 3.
Сцяпук, А. Помнік за вёскай /А. Сцяпук //Вясёлка. – 2007. – № 5. – С. 6.
Ціхан, Ю. Радзіма /Ю. Ціхан //Вясёлка. – 2007. – № 3. – С. 2.
Чарняўская, К. Бабуліна песня /К. Чарняўская //Вясёлка. – 2007. – № 3. – С. 3.
Пранчак, Л. На лыжах /Л. Пранчак //Вясёлка. – 2007. – № 2. – С. 2.
Чарняўскі, М. Світанне /М. Чарняўскі //Вясёлка. – 2007. – № 1. – С. 4.
Орлова, В. Страна четырех тысяч островов //Рюкзачок. – 2007. – № 5. – С. 2-3.
Радоман, И. Быть самураем /И. Радоман //Рюкзачок. – 2007. – № 5. – С. 4-5.
Костакова, Н. Традиционный японский костюм /Н. Костакова //Рюкзачок. – 2007. – № 5. – С. 6-7.
Аўласенка, Г. Вершаванка ў стылі “Танка” /Г. Аўласенка //Рюкзачок. – 2007. – № 5. – С. 8-9.
Из истории оригами //Рюкзачок. – 2007. – № 5. – С. 10.
Умные изобретения //Рюкзачок. – 2007. – № 5. – С. 30-31.
Орлова, В. Лапландия /В. Орлова //Рюкзачок. – 2006. – № 12. – С. 8-9.
Рогаў, М. Ягайла – кароль польскі /М. Рогаў //Рюкзачок. – 2006. – № 10. – С. 6-9.
Аўласенка, Г. Вітаўт Вялікі /Г. Аўласенка //Рюкзачок. – 2006. – № 10. – С. 10-11.
Федеративная Республика Германия //Рюкзачок. – 2006. – № 10. – С. 24-25.
Хто такія крыжакі //Рюкзачок. – 2006. – № 8. – С. 9.
Аўласенка, Г. Як нашы продкі сталі хрысціянамі /Г. Аўласенка //Рюкзачок. – 2006. – № 4. – С. 12-13.
Аўласенка, Г. Полацкае княства /Г. Аўласенка //Рюкзачок. – 2006. – № 1. – С. 6-7.
Сорока, О. Электронные библиотеки /О. Сорока //Рюкзачок. – 2006. – № 1. – С. 30-31.
Спіс навуковай літаратуры
Вечорко, Г. Ф. Основы психологии и педагогики: ответы на экзаменационные вопросы /Г. Ф. Вечорко. – Минск: Тетра Системс, 2007. – 160 с.
Журналістыка-2007: надзённыя праблемы. Перспектывы: матэрыялы IX Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Вып. 9 /рэдкал.: С. В. Дубовік (адк. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2007. – 423 с.
Кулагина, И. Ю., Колюцкий, В. Н. Возрастная психология: полный жизненный цикл развития человека: учебное пособие для студентов высших учебных заведений /И. Ю. Кулагина, В. Н. Колюцкий. – Москва: ТЦ «Сфера», при участии «Юрайт-М», 2001. – 464 с.
Ліпскі, У. “Вясёлка” – сябар і настаўнік дзяцей /У. Ліпскі //Пачатковая школа. – 2002. – № 4. – С. 39-40.
Об утверждении Концепции непрерывного воспитания детей и учащейся молодежи в Республике Беларусь: Постановление Министерства образования Республики Беларусь от 14 декабря 2006 г. № 125.
Широкова, Г. А. Справочник дошкольного психолога /Г. А. Широкова. – 4-е изд. – Ростов н/Д: Феникс, 2006. – 382 с.
http: //adalin.mospsy.ru.