Дакументы справаводства перыяду Расійская Імперыі і савецкага часу: агульная характарыстыка і класіфікацыя

БЕЛАРУСК
I
ДЗЯРЖАЎНЫ УНИВЕРС
I
ТЭТ

кафедра гісторыі Беларусі

РЭФЕРАТ

на тэму:

«Дакументы справаводства перыяду Расійскай імперыі
I
савецкага часу:
агульная характарыстыка
I
клас
i
ф
i
кацыя
»

МИНСК, 2008

Дакументы справаводства перыяду Расійскай імперыі

Агульная характарыстыка

Уключэнне ў склад Расійскай імперыі прадвызначыла, безумоўна, і змены ў сістэме справаводства. Па меры ўмацавання расійскай улады на далучаных тэрыторыях яе абрысы выступалі ўсё больш акрэслена. Вытокі гэтай сістэмы можна бачыць як у расійскай рэчаіснасці, так і ў запазычанні рэфарматарам Пятром І мадэлей скандынаўскіх і германскіх краін з панаваннем ідэі спалучэння абсалютнай манархіі і праўлення закону. Усе дзяржаўныя ўстановы Расіі ў Пятроўскую эпоху былі забяспечаны інструкцыямі, рэгламентамі, настаўленнямі. Пры гэтым паказчыкам паспяховай працы чыноўнікаў з’яўляўся не толькі рэальны стан спраў, але і ўпарадкаванае справаводства. Добра пастаўленая справаздачнасць істотна ўплывала на ацэнку работы. Станаўленне масавага справаводства апарата кіравання адпаведна суправаджалася арганізацыяй органаў кантролю. Сістэма канчаткова аформілася ў выніку міністэрскай рэформы ХІХ ст. У яе структуры абсалютны манарх карыстаўся неабмежаванай уладай. Усе чыноўнікі залежалі ад цара, але ж і ён адчуваў на сабе ўплыў расійскай бюракратыі як адміністрацыйнага механізма.
Дакументы справаводства складаюць адну з самых вялікіх па колькасці і разнастайных па відах гістарычных крыніц канца XVIII – пачатку ХХ ст. Неабходна адзначыць, што ў дарэвалюцыйнай Расіі амаль адначасова з адміністрацыйным справаводствам развівалася ў якасцi самастойнай сістэмы ўліковая дакументацыя, якая ўключала напачатку бухгалтарскі ўлік, а пасля статыстычны.
Уласна расійскі справаводчы корпус складаецца са знешніх дакументаў (зносін і перапіскі), а таксама ўнутраных. Асаблівасцю справаводства дадзенага перыяду з’яўляецца дакладнае рэгламентаванне: дакументы павінны былі мець адпаведныя загалоўкі, індэксы, складацца з устаноўленых раздзелаў, якія вызначаліся ў законах і распараджэннях вярхоўнай улады (кожны дакумент мае асобныя элементы, што носяць назву «рэквізітаў»: аўтар, адрасат, подпіс, дата і г. д. Сукупнасць рэквізітаў, размешчаных пэўным чынам у дакуменце, складае яго «фармуляр»). Паперы справаводчага корпусу падзяляліся на пісьмаводства і ўласна справаводства. Апошняе разумелася як дакументальнае афармленне спраў (іх паступленне, рух і выкананне).
У сістэме справаводчай дакументацыі вылучаюць прыкладна пяць груп: 1) пратакольная група справаводства, што складалася з пратаколаў, журналаў і стэнаграфічных справаздач; 2) група справаздачнай дакументацыі, у якую ўваходзілі справаздачы, даклады, дакладныя запіскі, гадавыя справаздачы, справаздачы-агляды за некалькі год аб дзейнасці цэнтральных і вышэйшых дзяржаўных устаноў; 3) група перапіскі, што складалася з розных формаў перапіскі вышэйшых органаў з падпарадкаванымі ім установамі (прадпісанні, распараджэнні, загады, цыркуляры, запыты); 4) група перапіскі роўных устаноў ці ўстаноў, што не знаходзіліся ў падпарадкаванні адна з адной (афіцыйныя пісьмы, адносіны, паведамленні); 5) група перапіскі падначаленых устаноў з вышэйстаячымі (рапарты, данясенні, прадстаўленні, прашэнні, скаргі).
Паступова ўсё большую колькасць пачалі складаць дакументы, узноўленыя механічным спосабам. Побач з друкарскімі з’яўляюцца дакументы, надрукаваныя на множыльных апаратах: гектографе, мімеографе і інш. У канцы ХІХ ст. з’яўляецца машынапіс. Вялікае распаўсюджванне ў справаводстве атрымалі розныя друкарскія бланкі са штампам установы і пэўным тэкстам, у які неабходна было толькі ўпісаць асобныя словы, выразы.
І ўсё ж большасць матэрыялаў справаводства азначанага перыяду – рукапісныя помнікі, дзе з пачатку ХІХ ст. шырока распаўсюджваецца каліграфічны «канцылярскі» почырк. Пры гэтым каліграфічнасць спалучаецца з цэлымі нізкамі дадатковых сказаў, ужываннем спецыфічных канцылярскіх зваротаў, выразаў, тэрмінаў («канцылярская мова»).
Справаздачы губернатараў як крыніца па гісторыі Беларусі

Нас, безумоўна, цікавяць матэрыялы не столькі цэнтральных дзяржаўных устаноў, колькі правінцыйных, бо Беларусь стала правінцыяй (ускраінай) велізарнай імперыі. Сярод такіх матэрыялаў і дакументаў найперш і галоўным чынам трэба адзначыць справаздачы губернатараў. Тым больш, што гэтая разнавіднасць нібы ўвабрала ў сябе ўсе істотныя рысы справаводчых дакументаў азначанага перыяду.
На пачатку ХІХ ст. усталяваліся наступныя губерні: Магілёўская, Віцебская (Беларускае генерал-губернатарства), Віленская, Гродзенская і Мінская (Літоўскае генерал-губернатарства). У 1808 г. на тэрыторыі, што адышла ад Прусіі, была створана Беластоцкая вобласць і ў 1843 г. адбылася новая і апошняя пры царызме рэарганізацыя краю – з часткі паветаў Віленскай губерні была створана новая губерня – Ковенская.
З пачатку ХІХ ст. губернатары пачалі пасылаць у С.-Пецярбург свае справаздачы. Напачатку іх дадзеныя былі вельмі беднымі, у асноўным звесткі аб ураджаі, з пачатку 1820-х гг. яны дапаўняліся звесткамі аб пасевах. Не было нават устойлівай назвы гэтых дакументаў (найчасцей «донесение»), кожны губернатар па-рознаму складаў справаздачы. Уніфікацыя справаздач адбылася ў 1837 г., а з 1842 г. губернатары атрымалі спецыяльныя бланкі «ведамасцяў» для статыстычных матэрыялаў. З гэтага часу на пачатку справаздачы змяшчаўся складзены па агульнай праграме пісьмовы тэкст, а да яго дадаваліся шматлікія статыстычныя табліцы («ведамасці») на асобных старонках.
На працягу наступнага часу фармуляр губернатарскай справаздачы пастаянна змяняўся (нагадаем, што фармуляр дакумента – гэта паслядоўнасць яго структурных частак). У 1853 г. быў дапоўнены пералік пытанняў і раздзелаў. Вось якія раздзелы і пункты можам сустрэць з гэтага часу ў справаздачах губернатараў: 1) натуральныя і вытворчыя сілы губерні: мясцовасць, насельніцтва, дваранства, прамысловасць, гандаль, сельская гаспадарка; 2) падаткі і павіннасці; 3) грамадскі дабрабыт: дарогі, масты, пошты, раскольнікі, беглыя, асобы пад наглядам паліцыі, ахова здароўя, народная асвета, мясцовая адміністрацыя і судавытворчасць. І гэтыя звесткі запаўняліся шматлікімі статыстычнымі табліцамі ў ведамасцях.
Справаздачы звычайна складаліся ў чатырох экземплярах. Першыя экземпляры трэба было мець пры рапарце імператару, а копіі перадаваліся: адна – міністру унутраных спраў, другая – «галоўнаму мясцоваму начальніку» (г. зн. генерал-губернатару). Акрамя таго, зразумела, адзін экземпляр заставаўся на месцы. Дзякуючы гэтаму, большасць справаздач губернатараў захавалася ў архівах Вільні, Гродна, Мінска, Магілёва і Віцебска, а таксама Масквы.
Такім чынам, з канца 30 – пачатку 40-х гг. ХІХ ст. справаздачы губернатараў дазваляюць даследаваць розныя аспекты дэмаграфічных змен, становішча асветы ў краі. Каштоўнасць гэтых крыніц у іх перыядычнасці, у тым, што, дзякуючы ім, мы можам вызначыць працэс сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аднак трэба ўлiчваць, што ў шэрагу выпадкаў звесткі могуць быць несупастаўнымі. Адной з прычын гэтага з’яўляюцца шматлікія рэарганізацыі ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле, што працягваліся да пачатку 40-х гг. ХІХ ст., змены межаў губерняў і паветаў. Таму, напрыклад, параўноўваючы звесткі па Гродзенскай губерні да 1843 г. і пасля, трэба мець на ўвазе, што ўдзельная вага прамысловасці павялічылася не ў сувязі з агульным ростам вытворчасці, а ў сувязі з далучэннем Беластоцкай вобласці, дзе прамысловасць была больш развітая, чым у старых паветах губерні. Тое ж – па Віленскай губерні: калі не ведаць, што ў 1843 г. плошча яе скарацілася на 1/3 і самыя ўраджайныя і эканамічна развітыя паветы адышлі да Ковенскай губерні, то можна зрабіць памылковы вывад аб спадзе вытворчасці і беспаспяхова шукаць прычыны такой з’явы.
Нярэдка да несупастаўнасці дадзеных прыводзяць розныя крытэрыі характарыстыкі тых ці іншых аспектаў. Напрыклад, не заўсёды дакладна вызначалася, што ўключаць у графу «неудобная земля». Адсюль парадоксы: скажам, у маёнтку Вішнева, што належала Храптовічу, у 1848 г. балоты складалі 3499 дзесяцін – 11,8% усёй плошчы, і ў той жа час у графе –«неудобные земли» вызначаны толькі 853 дзесяціны (г. зн. 3,0% зямлі). Атрымліваецца, што на балотах сеялі. Таму заўсёды трэба браць усю сукупнасць звестак і супастаўляць іх між сабой, выяўляючы памылкі.
Каб пазбегнуць такіх памылак, неабходна ведаць крыніцы звестак у губернатарскай справаздачы.
Згодна заканадаўству, яны збіраліся паліцэйскімі чыноўнікамі (прыставамі і інш.) з адпаведных валасных і сельскіх упраўленняў. Пры гэтым менавіта першыя (якія самі непасрэдна дадзеных не складалі) неслі адказнасць за аператыўнасць і дакладнасць звестак. Дадзеныя аб народжаных і памерлых падаваліся духавенствам (але, як адзначым далей, яны таксама не заўсёды былі дакладнымі). З сярэдзіны ХІХ ст. звесткі для дадаткаў справаздач складаліся губернскімі статыстычнымі ўстановамі. Але ж, атрымліваючы недакладныя звесткі, нават самыя лепшыя прафесіяналы не маглі акрэсліць рэальнае становішча спраў. Да таго ж лічбы тэкстаў справаздач часам адрозніваліся ад тых, што прыводзіліся ў дадатках.
Пасля азначанай крытыкі справаздач губернатараў як гістарычных крыніц можа ўзнікнуць сумненне ў мэтазгоднасці іх выкарыстання. Але ж крыніц, што змяшчаюць выключна дакладную і поўную інфармацыю, не існуе. Пры ўважлівых адносінах справаздачы губернатараў выяўляюцца як вельмі каштоўная крыніца: у большасці выпадкаў іх дадзеныя больш верагодныя, чым справаздачы міністэрстваў (якія складаліся на іх аснове).
Наогул, трэба звярнуць увагу на такую каштоўную скарбніцу крыніц, як канцылярыі віленскага генерал-губернатара, а таксама мінскага, віцебскага, магілёўскага і гродзенскага грамадзянскіх губернатараў, што знаходзяцца ў архівах Вільнюса, Магілёва, Гродна. Звесткі, што захоўваюцца ў гэтых фондах, больш дакладныя, чым матэрыялы ў цэнтральных архiвах, бо ў іх захаваліся не толькі копіі справаздач, але і першапачатковыя дадзеныя, на аснове якіх складаліся справаздачы. Гэта дазваляе прасачыць, якія звесткі, што падаваліся наверх, заніжаліся, а якія, наадварот, завышаліся. Параўнанне дадзеных паказвае, што тыя звесткі, збор якіх не быў звязаны з фіскальнымі мэтамі і сведчыў аб дзейнасці губернатара (дарогі, кірмашы, прамысловыя прадпрыемствы, рамёствы, асвета і г. д.), завышаліся, а звязаныя са зборам падаткаў і подацей (колькасць насельніцтва, абавязанага плаціць падаткі і г. д.) – заніжаліся.
Канцылярыі грамадзянскіх губернатараў былі заснаваны ўказамі Сената: Мінская – ад 13.04.1793 г., астатнія – ад 27.02.1802 г. У фондах канцылярыі сканцэнтраваны звесткі аб колькасці насельніцтва (у сельскай мясцовасці, гарадах і мястэчках), размеркаванне іх па сацыяльных групах (асобна – яўрэйскага насельнiцтва). Тут жа змяшчаюцца дадзеныя аб развіцці промыслаў, рамёстваў, эвалюцыі цэхавай сістэмы, спісы прамысловых прадпрыемстваў з колькасцю рабочых на іх, аб памерах падаткаў, аб развіцці ўнутранага і знешняга гандлю, аб будаўніцтве мастоў, аб гарадах і мястэчках, аб колькасці войскаў на тэрыторыі губерняў і г. д.
Дакументы справаводства савецкага часу

Агульная характарыстыка

У савецкі час істотна павялічваецца колькасць дакументаў справаводства і ўзрастае іх роля ў адлюстраванні розных аспектаў жыцця грамадства. Імкненне дзяржавы да поўнага кантролю над сваімі грамадзянамі акрэсліла з’яўленне і новых відаў, і большай колькасці розных матэрыялаў. Ператварэнне партыі бальшавікоў напачатку ў партыю кіруючую, а пасля і ў адзіную прадвызначыла яе перараджэнне у бюракратычную дзяржаўную структуру. У падручніках па крыніцазнаўству савецкай гісторыі вызначылася практыка разглядаць дакументы КПСС як асобную групу крыніц. На наш погляд, гэта не мае ніякіх падстаў, паколькі ў пераважнай ступені яны не змяшчаюць такіх характарыстык, што адрознівалі б іх ад дакументаў справаводства (за выключэннем асобных відаў: праграмы, лістоўкі, пракламацыі і г. д., што разглядаюцца ў раздзеле –«Публіцыстычныя творы ХІХ – ХХ ст.»). Азначанае датычыцца таксама матэрыялаў прафсаюзных, камсамольскіх і іншых грамадскіх і грамадска-палітычных арганізацый савецкага часу.
Класіфікацыя

Для вывучэння дакументаў справаводства вялікае значэнне маюць класіфікацыі ў залежнасці ад функцый, якія яны выконваюць у ажыццяўленні кіравання і выканання прынятых рашэнняў. Паводле гэтага крытэрыю можна вызначыць комплексы арганізацыйна-распарадчай, планавай, улікова-кантрольнай і справаздачнай дакументацыі.
1. Арганізацыйна-распарадчая дакументацыя
(АРД) у сваю чаргу падзяляецца на наступныя групы матэрыялаў:
а) Арганізацыйная
дакументацыя, што ўключае палажэнні, статуты (у тым ліку партыйныя), правілы, нарматывы, абавязкі і вызначае парадак пэўнай дзейнасці, структуры, задачы, формы і метады выканання, узаемаадносіны прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый. Азначаныя дакументы ствараюцца на ўсіх узроўнях (ад вышэйшых да ніжэйшых) і ў залежнасці ад гэтага вызначаецца сфера іх дзейнасці, паўнамоцтвы і тэрміны выканання.
б) Распарадчая
дакументацыя ўяўляе сабой працяг арганізацыйнай і мае асноўнай функцыяй рэалізацыю дзейнасці па кіраванні; да гэтай групы адносяць рашэнні, рэзалюцыі, загады, інструкцыі, цыркуляры, распараджэнні, даручэнні, прадпісанні і наказы.
в) I
нфармацыйна-даведачныя
матэрыялы, што маюць на мэце апавяшчэнне аб прынятых рашэннях: афішы, аб’явы, плакаты, бюлетэні.
г) Бягучая перапіска
прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і іх прадстаўнікоў у форме тэлеграм, тэлеграфных і тэлетайпных паведамленняў, тэлефанаграм. Вельмі істотную частку гэтай групы складаюць пісьмы насельніцтва ў дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі і ўстановы (сюды ж можна аднесці і дэпутацкія запыты). У савецкі час у розных установах існавалі аддзелы пісьмаў, дзе апошнія абагульняліся. Установы павінны былі адрэагаваць на зварот. Матэрыялы праверкі абмеркавання пісьмаў часам фіксаваліся ў пратакольнай дакументацыі, асабліва калі вырашэнне пытання і прыняцце мер залежала ад калегіяльных органаў.
д) Дыпламатычная перапіска,
якая мае свае спецыфічныя рысы. Па-першае, гэта дакладна аформленыя формы: асабістыя і вербальныя ноты, мемарандумы, памятныя запіскі, якія складаюцца ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага пратаколу. Непрыманне ўстаноўленых формаў з боку савецкага ўрада часам усё ж выклікала і з’яўленне новых, не зусім акрэсленых формаў: заявы, пасланні, дэкларацыі і інш.
е) Пратаколы і стэнаграмы
пасяджэнняў калегіяльных і калектыўных органаў, канферэнцый, з’ездаў. Колькасць пратакольнай дакументацыі ў савецкі час істотна ўзрастае. Стэнаграмы з’яўляюцца, па сутнасці, асобай формай пратакольнай дакументацыі. У адрозненне ад пратаколу непасрэдна, стэнаграмы ўяўляюць падрабязнае і поўнае выкладанне ходу пасяджэнняў ці сходаў. З 1970-х гг. усё часцей практыкуецца такая форма вядзення пратаколаў, як магнітафонныя запісы.
Аналізуючы такі комплекс дакументаў, як арганізацыйна-распарадчая дакументацыя, неабходна мець на ўвазе велізарную колькасць і разнастайнасць яе матэрыялаў на працягу ХХ ст. Калі ў гісторыкаў сярэднявечча ўзнікаюць праблемы, звязаныя з недахопам пісьмовых дакументаў, то ў гісторыкаў савецкага часу праблема адваротная. На пачатку 1920-х гг. з пераходам да мірнага жыцця на ўстановы навалілася велізарная колькасць папер рознага кшталту. Пры гэтым чым больш малапісьменным, непрафесійным быў чыноўнiк, тым больш ён патрабаваў справаздач. Бюракратызм захліснуў нават такую дэмакратычную ўстанову 1920-х гг., як кааперацыя. Сапраўдны акіян дакументаў затапіў савецкія ўстановы.
Сакратар ЦК М. Галадзед у сваім дакладзе гаварыў аб адным з дакументаў: «Сельсаветы атрымліваюць і чытаюць, але наўрад ці разуме-юць што-небудзь у гэтым цыркуляры, бо ён напісаны мовай, разлічанай не для сельсавета… там патрабуецца даць звесткі аб знаходжанні ў межах сельсавета інфузорнай зямлі (наўрад ці пойме сельсавет, што гэта за звер), «трепляка» (таксама незразумела для селяніна (для нас таксама. – аўт
.), далей, фасфарыта (гэта яшчэ туды-сюды), нябеснага каменю (тут селянін ніяк не дадумаецца), метыярытаў, пяску годнага, ключоў горка-салёных i салёна-горкiх, касцей першабытных людзей i дапатопных звяроў». Характэрна, што такое ж меркаванне можна было пачуць i ў 1960-я, i ў 1970-я, i ў 1980-я гг.
Ва ўсiх вышэйшых, цэнтральных i мясцовых органах дзяржаўнай улады, у партыйных структурах, акрамя агульнага справаводства, вялося i сакрэтнае, што ахоплiвала шырокае кола пытанняў. Так, у фондзе 4 Цэнтральнага камiтэта Кампартыi Беларусi вопiс 21 змяшчае матэрыялы Асобага сектара ЦК КП(б)Б (да 1934 г. – сакрэтны аддзел). Большасць яго дакументаў «носяць» грыф «секретно» цi «совершенно секретно». Гэта звесткi з самых розных крынiц, найчасцей аб настроях насельнiцтва, аб рэальным становiшчы спраў.
Да таго ж шырокае распаўсюджванне ў савецкi час атрымала так званае «тэлефоннае права» – калi шмат якiя важнейшыя рашэннi, што патрабавалi асаблiвай сакрэтнасцi, прымалiся ў вуснай форме. Такая традыцыя iснавала ўжо з першых гадоў савецкай улады. Яшчэ ў лiстападзе 1919 г. было прынята рашэнне, якое патрабавала рабiць толькi сцiслы пераказ справы i пастановы па найбольш складаных пытаннях у афiцыйны пратакол не ўключаць.
2. Матэрыялы планавання народнай гаспадаркі
ўзнікаюць у сферы савецкага справаводства ўжо з пачаткам дзейнасці УСНГ (Усерасійскага Савета народнай гаспадаркі). У 1920-я гг. гэта перспектыўны план ГОЭЛРО, планы нарыхтовак, тэхніка-эканамічныя планы разгортвання вытворчасці ў асобных галінах прамысловасці і сельскай гаспадаркі, гадавыя планы на 1923/24 і 1924/25 гг. і, урэшце, першыя пяцігадовыя планы, якія распрацоўваліся не толькі ў агульнасаюзных маштабах, але і ў дачыненні да пэўных галін развіцця гаспадаркі асобных рэспублік СССР, тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак і інш. Дарэчы, у першых пяцігадовых планах яшчэ не вызначалася сістэма асноўных планавых паказчыкаў, што дыктаваліся з цэнтра (як у наступных). Яны і па форме, і па змесце нагадваюць навуковыя даклады і вывучаць іх патрэбна ў спалучэнні з распрацоўкамі эканамістаў 1920-х гг. Падпарадкаванне планавых заданняў ідэалагічным устаноўкам і мэтам акрэсліла з’яўленне ў гэтых матэрыялах нерэальных паказчыкаў і лічбаў і адпаведна такога ж характару звестак у справаздачах аб іх выкананні. Для вывучэння дакументаў планавання 1930 – 1980-х гг. карысна прааналізаваць і матэрыялы партыйных з’ездаў і канферэнцый за адпаведны перыяд.
Сістэма пэўных абавязковых планавых паказчыкаў стрымлівала ініцыятыву прадпрыемстваў. Падчас рэформаў (напрыклад, сярэдзіны 1960-х гг.) іх колькасць увесь час скарачалі і тым не меней (як адсечаныя галовы Змея Гарыныча ў вядомай казцы) яна пасля зноў аднаўлялася.
Трэба мець таксама на ўвазе, што ў рэальным жыцці партыйна-савецкае кіраўніцтва ўвесь час нацэльвала на перавыкананне (або датэрміновае выкананне) паказчыкаў планаў. І калі гэтага не адбывалася ў рэальным жыцці, то адбывалася на паперы.
3. Улікова-кантрольная дакументацыя
мае на мэце рэгістрацыю мерапрыемстваў у працэсе кіраўнічай і грамадскай дзейнасці, іх кантроль. Уліковыя дакументы ўключаюць анкеты, лісткі, журналы і кнігі ўліку, рэестры, кадастры, табелі, тарыфы, рахункі, балансы. Кантрольныя (вельмі цесна звязаныя з уліковымі) – матэрыялы рэвізій, праверак, заключэнняў аб працы, дзейнасці, рэгістрацыі, аднаразовых абследаванняў. У савецкі час, калі ўсё належала дзяржаве, ствараліся і даволі эфектыўна працавалі многія сістэмы кантролю. Так, установы партыйнага кантролю і т. зв. «народнага кантролю» існавалі на ўсіх узроўнях: ад раённага да ўрадавага. Фінансавую дзейнасць кантралявала кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне.
Неабходна мець на ўвазе, што пераважная частка ўлікова-кантрольнай дакументацыі мае формы, падрыхтаваныя для статыстычнай апрацоўкі. Статыстыка ва ўмовах выключнага кантролю дзяржавы за ўсімі сферамі жыцця часам супадае з улікам і з’яўляецца формай такога ўліку. Дарэчы, пасля скасавання Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення БССР у студзені 1930 г. яго функцыі былі перададзены сектару народнагаспа-дарчага ўліку, а на аснове апошняга было створана ўпраўленне народнага-спадарчага ўліку БССР (гл. «Статыстычныя крыніцы навейшага часу»).
4. Справаздачная дакументацыя
абагульняе звесткі названых вышэй дакументаў (не трэба блытаць справаздачную и справаводчую дакументацыю). Гэта не толькі агляд, але і аналіз дзейнасці пэўных устаноў за пэўны час, адначасова і пэўная інтэпрэтацыя вынікаў, якая мае магчымасць акрэсліць перспектывы развіцця.
Менавіта ўменне скласці справаздачу яшчэ з даўніх часоў характарызавала працу чыноўніка. У савецкі час шырока практыкаваліся справаздачы перад пачаткам пасяджэнняў, з’ездаў (з’езды Саветаў, пасяджэнні Савета Народных Камісараў, партыйныя з’езды і г. д.). Шырокую распаўсюджанасць атрымалі справаздачы аб працы, агляды, працоўныя рапарты, зводкі, даклады. Нягледзячы на тое што змяняўся час, асобныя з гэтых дакументаў можна параўноўваць з дакументамі дасавецкага перыяду і знаходзіць шэраг зразумелых падабенстваў (разыходжанні ў справаздачы і дадатку, завышэнні паказчыкаў, лепшыя паказчыкі ў тых кіраўнікоў, што працавалі пэўны час, і крытычныя аспекты ў тых, хто нядаўна заняў пасаду, і г. д.).
Існуе шмат іншага, што аб’ядноўвае дакументы справаводства розных перыядаў. Па-першае, гэта рэквізіты
– лагічна непадзельныя элементы ў межах з’явы, якая адлюстроўваецца ў дакуменце (напрыклад, назва прадпрыемства, што прысутнічае ў ім). Па-другое, гэта прыкметы
дакумента – яго якасныя асаблівасці (паслядоўнасць падзей, уласці-васцей – напрыклад, мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці) і паказчыкі
– як правіла, колькасныя ацэнкі (узровень ураджайнасці і інш.)
Як і ў справаводчай практыцы папярэдніх часоў можна вызначыць комплексы афіцыйных
і неафіцыйных
дакументаў. Афіцыйныя дакументы маюць службовае пацвярджэнне іх зместу з боку дзяржаўных і грамадскіх, партыйных арганізацый. Так, у асабістай справе чыноўніка могуць знаходзіцца аўтабіяграфія, што мае толькі асабісты подпіс, і характарыстыка, якая зацвярджаецца прадстаўнікамі адміністрацыі ці грамадскіх, партыйных арганізацый. У той час як аўтабіяграфія мае адвольны характар і яе можна ў пэўнай ступені разглядаць як мемуарную крыніцу, характарыстыка мае дакладна акрэслены фармуляр. Яе звесткі таксама ў большай ступені зафармалізаваны, у чым можна пераканацца, параўноўваючы характарыстыкі, выдадзеныя адной установай.
Магчымасці для параўнання ёсць і ў комплексах матэрыялаў па асабоваму складу, што адлюстроўваюць звесткі аб прыёме, перамяшчэнні і звальненні работнікаў, узроўні іх адукацыі, узнагародах і іншую інфармацыю. Гэта асабістыя справы, працоўныя кніжкі і г. д.
Аднак на шляху да супастаўлення матэрыялаў у справаводстве вельмі шмат цяжкасцей. Гэта пераважна не адзінкавыя дакументы, а цэлыя комплексы, што павялічвае аб’ём звестак, якія неабходна перапрацаваць. Не заўсёды ёсць магчымасць супаставіць прыкметы і паказчыкі дакументаў справаводства (прыкмета «адукацыя» ХІХ ст., пачатку ХХ ст., 1920 або 1980-х гг., розныя сістэмы злічэнняў – «рубель» пачатку ХХ ст., 1940, 1950, 1960 – 1980-х гг. і інш.). Працуючы з дакументамі справаводства, неабходна найперш дакладна вывучыць структуру той ці іншай установы, змены ў гэтай структуры, што былі звычайнай з’явай у савецкія часы (часам цікавую і карысную інфармацыю можна запазычыць з гістарычных даведак, складзеных архівістамі фонду).
Справаводчая дакументацыя як гістарычная крыніца не вычэрпвае ўсёй разнастайнасці з’яў рэчаіснасці. Дакументы ў найменшай ступені апавядаюць аб самім працэсе дзейнасці. Яны часцей указваюць на яе неабходнасць (маюць імператыўны характар), але амаль не гавораць аб матывах дзейнасці і іншых суб’ектыўных момантах. Таму вывучэнне звестак дакументаў неабходна дапаўняць дадзенымі, запазычанымі з іншых відаў крыніц.
У сучасны перыяд усё часцей у дачыненні да комплексаў дакументаў справаводства прымяняюцца метады колькаснага аналізу. Аднак, па-першае, неабходна памятаць, што iх прымяненне мае дапаможны характар і не з’яўляецца самамэтай. Па-другое, неабходна прымаць пад увагу, што ў дакументах змяшчаюцца звесткі, прызначаныя не для даследчыцкіх мэт, а патрабаванні для арганізацыi распарадчай і выканаўчай дзейнасці. Таму, каб вызначыць неабходныя элементы для колькаснага аналізу, гісторык з пэўных тэарэтычных пазіцый павінен іх сістэматызаваць, акрэсліць крытэрыі групы для параўнання. Пры гэтым чым большы час аддаляе нас ад часу стварэння дакументаў, тым неабходны большы аб’ём падрыхтоўчай працы (уяўленне аб абставінах стварэння матэрыялаў, веданне шматлікіх падрабязнасцей і дэталей).
Л
IТЕРАТУРА

1. Падрабязны агляд гэтых груп гл.: Селунская Н.Б., Бородкин Л.И., Григорьева Ю.Г., Петров А.Н. Становление российского парламентаризма начала ХХ века. М., 1996. С.127 – 132.
2. Дятлова Н.П. Отчеты губернаторов как исторический источник // Проблемы архивоведения и источниковедения. Л., 1964.
3. Некаторыя даследчыкі адносяць да гэтай групы таксама кантракты, дамовы, працоўныя пагадненні (гл. Источниковедение истории СССР. М., 1981. С. 399), якія, на наш погляд, маюць рысы актавых матэрыялаў.
4. НАРБ, ф. 4. Воп. 2, спр. 44, л. 69.
5. Гл.: Перспективный план развития сельского и лесного хозяйства БССР на 1925/26 – 1929/30 гг. (Утвержден правительством). Мн., 1927.